Палітык Аляксандр Мілінкевіч ідзе на папраўку

Аляксандр Мілінкевіч

Аляксандр Мілінкевіч / Еўрарадыё

Палітык Аляксандр Мілінкевіч ідзе на папраўку. Ён перамог пнеўманію, якая пачалася пасля складанай аперацыі, і цяпер знаходзіцца на добрай дарозе, кажа жонка Мілінкевіча Іна Кулей.

"Шлях да поўнага адужвання не блізкі, але я веру. Веру безумоўна і бясконца. І ведаю, што свята яшчэ наперадзе", — напісала яна ў сацсетках.

Месяц таму 78-гадовы Мілінкевіч перанёс аперацыю на соннай артэрыі. Калі адтуль выдалілі тромб, пачаўся моцны крываток. Палітык трапіў у рэанімацыю ў цяжкім стане.

"Увесь гэты месяц мы гойдаліся на эмацыйных арэлях: крок наперад — крок назад, — прызнаецца Іна Кулей. — Дарагія, усе хто чакае і верыць — свята яшчэ наперадзе. І здароўе, і вяртанне, і Беларусь".

Аляксандр Мілінкевіч — былы кандыдат у прэзідэнты, ён балатаваўся на гэты пост у 2006 годзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.