На волю выйшаў палітвязень Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў на судзе / sb.by
На волю выйшаў 67-гадовы палітвязень Рыгор Кастусёў, былы старшыня Партыі БНФ. Пра гэта паведамляе Радыё "Свабода" са словаў яго зяця Дзмітрыя Антончыка.
Кастусёў знаходзіўся за кратамі больш за тры гады — з красавіка 2021-га. У верасні 2022-га яго прызналі вінаватым у "змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады" і асудзілі на 10 гадоў калоніі.
У зняволенні ў палітыка абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалагічнае захворванне. У красавіку яму рабілі аперацыю па вывядзенні катэтара з мачавіка, пасля якой адразу перавялі ў турэмную камеру.
Кастусёў — гэта адзіны палітвязень, пра чый выхад дакладна вядома. Праваабаронцы паведамляюць, што на волю выйшлі яшчэ некалькі чалавек, але іх імёны не называюць. Пра вызваленне некаторых палітвязняў напярэдадні паведаміў Лукашэнка.