На вайну падманам забрали сірату з Хойнікаў, які мае асаблівасці развіцця

Пётр Атрошчанка / ТГ-канал "Не жди хорошие новости"
На вайну супраць Украіны падманам забралі ўраджэнца Хойнікаў — выхаванца дапаможнай школы-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Пра гэта заявіў яго апякун.
Хлопец, пра якога ідзе гаворка, — 27-гадовы Пётр Атрошчанка. Якім чынам ён аказаўся ў Расіі — невядома. Яго прыёмны бацька запісаў відэазварот да Уладзіміра Пуціна і міністра абароны РФ Андрэя Белавусава. Гэта адбылося яшчэ ў лістападзе 2024 года, але вядома пра гісторыю стала толькі цяпер, піша "Флагшток".
Мужчына расказаў у відэа, што больш за восем гадоў гадуе хлопца, які з'яўляецца выхаванцам школы-інтэрната ў Гомелі. А ў яго адсутнасць малады чалавек "падманным шляхам" трапіў на вайну.
"У Беларусі ён прызнаны непрыдатным да вайсковай службы. Хто, як і якім чынам правёў медыцынскую камісію? Метр восемдзесят сем рост, вага пяцьдзясят два кілаграмы. Хлапчук неаднаразова ляжаў у псіхіятрычным шпіталі", — абураецца прыёмны бацька.
Мужчына кажа, што звяртаўся ў Генпракуратуру і атрымаў адтуль адпіскі. Інфармацыі пра якую-небудзь рэакцыю на відэазварот у адкрытым доступе няма. Лёс Пятра Атрошчанкі на сённяшні дзень невядомы.
"Флагшток" высветліў, што Атрошчанка ёсць у спісе ўліку грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, Хойніцкага райвыканкама. У тым ліку — па стане на 1 траўня 2025 года. На гэтым уліку ён стаіць з 2003 года як сірата.
Аднак гэтыя звесткі, як адзначаюць журналісты, не пацвярджаюць, што хлопец жывы, — чыноўнікі маглі проста не абнавіць інфармацыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.