Калі заўтра вайна: украінка і беларуска з Бучы даюць парады, як падрыхтавацца

Вось што раюць людзі, якія ўжо эвакуяваліся ад вайны

Вось што раюць людзі, якія ўжо эвакуяваліся ад вайны / Euroradio

Запраўце машыну і пакладзіце ў сумку ўсё, што патрэбна вам для працы. Гэта асноўныя парады, якія дае ўкраінка Ганна Самойленка чытачам Еўрарадыё, якія пераймаюцца праз магчымасць нападу Расіі на Літву і Польшчу.

Ганна ўжо двойчы эвакуявалася ад вайны. У чэрвені 2014 года яна з дзецьмі пераехала з Данецка ў Кіеў, а ў 2024-м вымушаная была рушыць далей, у Польшчу. Цяпер сям’я Ганны жыве ў Сувалках — гэта невялікі горад недалёка ад мяжы з Беларуссю.

Калі абмяркоўваюць магчымасць нападу Расіі на краіны Еўрасаюза, часцей за ўсё кажуць менавіта пра Сувалкі і так званы “сувалкскі калідор”. Гэта палоска сушы, якая магла б звязаць Расію праз Беларусь з Калінінградам — і даць ёй наўпроставы выхад да Балтыйскага мора.

— Я не хвалююся, бо ўжо двойчы перажыла напад. Але дакладна веру, што калісьці вайна прыйдзе і ў Еўропу, — кажа нам Ганна. — Загадзя я б да вайны не рыхтавалася. Калі будзе — то будзе.

Чаму мы гаворым пра падрыхтоўку вайны менавіта цяпер? У верасні Расія і Беларусь ладзяць маштабныя сумесныя вучэнні. Апошнія такія вучэнні праходзілі ўзімку 2022 года і пасля іх Расія напала на Украіну. Мы спадзяемся, што новыя вучэнні не стануць нагодай для адкрыцця новага еўрапейскага фронту. Але мы таксама ведаем, што вайна можа пачацца тады, калі здаецца неверагоднай. Таму мы пагаварылі з людзьмі, якія перажылі яе пачатак і папрасілі даць парады па падрыхтоўцы.

 

Пачалося. Валіза сабраная, кансервы гатовыя

Дома варта мець запас ежы і вады на два тыдні. Макароны — гэта добра, але калі сапраўды станецца вайна, дома можа не быць святла, каб тыя макароны зварыць. Таму лепей запасціся кансервамі і сухімі прадуктамі, якія можна есці без гатавання. Запасаў вады павінна хапаць на два тыдні (улічвайце, што вада вам можа спатрэбіцца таксама каб прынамсі проста пачысціць зубы).

Калі заўтра вайна: украінка і беларуска з Бучы даюць парады, як падрыхтавацца
Пакладзіце дакументы і запас наяўных у адным месцы / Euroradio

Завядзіце валізку, у якой будуць ляжаць усе вашыя дакументы і дарагія вам рэчы, раіць Ганна Самойленка

— Якія рэчы для вас дарагія, вырашайце самі. Для мяне гэта грошы, дакументы, дзеці і кот. І ўсё. Гэта ўсё і закіну ў машыну і з’еду.

Але кідайце таксама ў машыну ўсё, што дапамагае вам зарабляць. Калі вы шыеце, вазьміце швейную машынку, калі манікюршчыца — апараты. Бо з дапамогай гэтых рэчаў вы зможаце зарабляць у любым горадзе, у які прыедзеце.

Калі заўтра вайна: украінка і беларуска з Бучы даюць парады, як падрыхтавацца
Вазьміце інструменты, якія патрэбныя вам для працы / Euroradio

Не трэба браць шмат адзення. Ні курткі, ні лішняя пара джынсаў вам у дарозе не спатрэбяцца, у першым жа мірным горадзе гэтым падзеляцца валанцёры.

Калі заўтра вайна: украінка і беларуска з Бучы даюць парады, як падрыхтавацца
Улічвайце, што можа не быць святла, і макароны вы не згатуеце / Euroradio

Выязджаем. Машына на хаду і запраўленая

Калі пачынаецца вайна, “Убер” не вызавеш. Кошты ўзляцяць і за магчымасць даехаць у бяспечнае месца з вас возьмуць неверагодную суму. Таму лепей разумець, як вы будзеце выязджаць з горада, калі “нешта здарыцца”.

У Ганны дзве машыны. Яе старэйшай дачцэ 17 гадоў, і як толькі споўніцца 18, яна пойдзе вучыцца ў аўташколу.

— Я ёй нядаўна сказала: слухай, напэўна, ужо ў верасні або кастрычніку ідзі вучыся на правы, бо калі прыйдзецца выязджаць, трэба, каб мы маглі на дзвюх машынах ехаць, бо ўсю сям’ю і рэчы трэба будзе неяк загрузіць. Я з машынай адчуваю сябе вольнай, якая б яна ні была.

І адназначна трэба заўсёды мець поўны бак паліва, каб можна было выехаць куды заўгодна. Не кажу, што трэба каністру трымаць у гаражы, але трэба, каб машына была запраўленая.

Але куды на ёй ехаць?

— Я раю ехаць як найдалей. Здаецца, цяпер самае бяспечнае месца — гэта Захад Еўропы. Шмат палякаў цяпер купляюць сабе кватэры ў Іспаніі, той жа горад Алікантэ ўжо амаль польскі. Варта вывучыць англійскую мову. Як будзеце яе ведаць, у Еўропе дасцё рады.

Калі заўтра вайна: украінка і беларуска з Бучы даюць парады, як падрыхтавацца
Трымайце бак поўным / Euroradio

У які горад ехать — буйны ці малы — залежыць ад таго, што чалавек умее. Калі працаваў на заводзе, лепей ехаць у райцэнтр, бо ў вялікіх гарадах заводаў няма, раіць Ганна. Калі няма адукацыі, прафесіі і ведання мовы, таксама лепей накіравацца ў невялікі горад, там менш выдаткаў, і канкурэнцыя таксама ніжэй, прасцей знайсці працу.

А яшчэ пажадана мець з сабой запас наяўных грошай, падсумоўвае Ганна.

 

“Парады акрамя як БЕГЧЫ ЯК МОЖНА ДАЛЕЙ у мяне няма”

Беларускую валанцёрку Карыну Пацёмкіну вайна заспела ва украінскай Бучы. Мы распавядалі вам гісторыю Карыны тут.

Цяпер дзяўчына жыве ў Польшчы. Мы папрасілі яе даць парады, як падрыхтавацца да экстрэмальнай сітуацыі.

— Я б раіла па магчымасці трымацца ад вайны падалей. Пакінуць зону, дзе вядуцца баі. Сур’ёзна. Не сядзець і не чакаць што праз два дні ўсё скончыцца і будзе, як раней. Не будзе.

Праз тыдзень ежа знікне з усіх крамаў. У лепшым выпадку яе раздадуць, у горшым (часцей, традыцыйным) — паб’юць вітрыны і забяруць усё роўна.

Калі знікне сувязь, а яна знікне адразу амаль, людзі не будуць ведаць нічога. Ні дзе бяспечна, ні дзе можна сустрэць смерць. Пачнецца хаос, паніка і купа нелагічных рашэнняў пайсці туды неведама куды і сустрэць неведама каго.

Калі заўтра вайна: украінка і беларуска з Бучы даюць парады, як падрыхтавацца
"Я б раіла пакінуць зону, дзе вядуцца баі. Сур’ёзна. Не сядзець і не чакаць, што праз два дні ўсё скончыцца і будзе, як раней" / Euroradio

На дарозе ў Барадзянцы расстрэльвалі сем’і, якія спрабавалі выехаць. У Бучы расстрэльвалі людзей у падвалах. У Ірпені лупілі танкамі па жылых дамах, хоць людзі і маскіраваліся, не запальвалі нават свечкі ўвечары.

Не крыўдзіцеся на мяне, калі ласка, але ў мяне парады, акрамя як БЕГЧЫ ЯК МОЖНА ДАЛЕЙ, няма. На вайне няма гарантый.

Чым менш панікі на вайне — тым большы шанец выжыць. Страх забівае розум. Не дай Бог людзям у Польшчы ці ў Літве, ці ў Эстоніі, ці яшчэ дзе сутыкнуцца з вайной. Гэта горшае, што можа адбыцца з чалавекам. Бо чалавекам ранейшым ён адтуль не выйдзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.