На тэрыторыі Беларусі няма ні ядзернай зброі, ні "Арэшніка" — разведка Украіны

Ракета, ілюстрацыйнае фота / united24media.com
На тэрыторыі Беларусі размяшчаюцца носьбіты ядзернай зброі, аднак самай ядзернай зброі няма. Гэтаксама ў Беларусі няма і расійскіх ракетных комплексаў "Арэшнік". Пра гэта кіраўнік знешняй разведкі Украіны Алег Івашчанка расказаў у інтэрв'ю інфармагенцтву "Укрінфарм".
"Носьбіты ёсць. Гэта праўда. Ёсць самалёты, ёсць аператыўна-тактычны ракетны комплекс "Іскандэр". Але самай ядзернай зброі ў Беларусі няма. Гэта факт", — заявіў Івашчанка.
Кіраўнік знешняй разведкі Украіны ўдакладніў, што ў Беларусі працягваюць арганізоўваць месцы захоўвання зброі. "Лукашэнка кажа, што да канца года ў іх будзе "Арэшнік". Але гэта падобна на прыняцце жаданага за сапраўднае. На сёння нічога такога няма, і малаверагодна, што з'явіцца", — падкрэсліў Івашчанка.
Дакументы аб размяшчэнні расійскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі міністры абароны Беларусі і Расіі падпісалі ў траўня 2023-га. У наступным месяцы Уладзімір Пуцін заявіў, што частка ядзернай зброі РФ ужо знаходзіцца ў Беларусі.
Таксама Лукашэнка прасіў у Пуціна дзесяць ракетных комплексаў "Арэшнік".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.