На судзе "Слодычы" інжынеры расказалі, як ставілі "жучкі" ў тэлефоны
2 траўня ў судзе Першамайскага раёна Мінску працягваецца працэс па справе аб праслухоўванні на кандытарскай фабрыцы "Слодыч".
Абвінавачаная — былая дырэктарка прадпрыемства Таццяна Селіх. У арганізацыі праслухоўвання работнікаў на фабрыцы і злоўжыванні службовым становішчам у асабістых інтарэсах, што нанесла прадпрыемству шкоду ў асабліва буйным памеры.
У пятніцу ў судзе дапыталі трох работнікаў УП "Праекттэлекамбуд". Менавіта гэтая кампанія ўсталёўвала ў кабінетах супрацоўнікаў тэлефоны з "жучкамі". Усе трое, як і Селіх, былі абвінавачанымі па справе аб "праслухоўванні". Але потым крымінальны пераслед супраць іх быў спынены, бо іх прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.
Інжынеры распавялі, што аналагічныя сістэмы праслухоўвання выкарыстоўваюцца ў беларускіх банках. Іх кампаненты можна легальна набыць у Беларусі. Работнікі ўсталявалі "жучкі" ў 16 тэлефонаў, якія адзначыла дырэктарка фабрыкі. Інфармацыя пісалася на жорсткі дыск аўдыярэгістратара. Прамы доступ да яго мела толькі дырэктарка фабрыкі, інфармуе БелаПАН.
Па словах работнікаў "Праекттэлекамбуда", яны казалі сувязістам фабрыкі, што ў памяшканнях неабходна ўсталяваць шыльды з папярэджаннем аб правядзенні аўдыёзапісу, як гэта робіцца, напрыклад, у банках.
У працэсе допыту таксама высветлілася, што "жучкі" ў тэлефонах пісалі гук у памяшканні. Разам з тым яны не пісалі суразмоўцу, з якім размаўляў работнік "Слодычы" па тэлефоне.
Фота — karnage.ru