На рынку працы ў Беларусі рэзка ўзрасла канкурэнцыя

Канкурэнцыя на беларускім рынку працы імкліва ўзрастае — такая тэндэнцыя з’явілася ў мінулым годзе і развіваецца сёлета. На фоне скарачэння колькасці вакансій рэзка павялічваецца колькасць прэтэндэнтаў. Пра гэта паведаміла дырэктар праекта rabota.tut.by Святлана Шапорава на паседжанні круглага стала “Гармонія чаканняў супрацоўнікаў і кіравання персаналам у часе зменаў: тэндэнцыі і задачы”.

Як паказвае аналіз размешчаных на сайце паведамленняў, сёлета ў лютым агульная колькасць вакансій знізілася на траціну ў параўнанні з лютым мінулага года. Напрыклад, стала ў паўтара раза меней запрашэнняў на працу для рабочых, прыкладна на столькі ж скарацілася колькасць прапановаў для спецыялістаў у сферы аўтамабільнага бізнесу. На 41% меней стала вакансіяў у сферы вытворчасці, на 39% — у будаўніцтве і нерухомасці, на 19% зменшылася колькасць вакансіяў у сферы транспарту і лагістыкі.

Менавіта гэтыя сферы найболей церпяць ад эканамічнага крызісу. Супрацоўнікаў усё часцей пераводзяць на няпоўную занятасць, скарачаюць, дый самі работнікі ўсё часцей хочуць памяняць працу.

Пры гэтым попыт на вакансіі расце: сёлета ў лютым на адну вакансію ў сярэднім прыпадала 15,6 рэзюмэ, а год таму прапорцыя была іншай — 6-7 анкет на адну вакансію. Асабліва моцная канкурэнцыя бачная ў сферы “Пачатак кар’еры, студэнты” — тут на адну абвестку з прапановай працы адгукаюцца па 50 чалавек. Студэнты і школьнікі пачалі больш цікавіцца магчымасцямі самастойна зарабіць, чым гэта было раней.

Вялікі попыт на вакансіі юрыстаў, бугалтараў і спецыялістаў у галіне транспарту і лагістыкі.

Стала болей рэзюмэ топ-менеджэраў — на адну вакансію кіраўніка прыпадае ў сярэднім 17 анкет, а гэта рост амаль удвая ў параўнанні з леташнімі паказнікамі, перадае БелаПАН.

Ілюстратыўнае фота з сайта blog.trud.com