На распрацоўку беларускай вакцыны ад COVID-19 спатрэбіцца не менш за тры гады
Вакцына / rbc.ru
На распрацоўку беларускай вакцыны ад COVID-19 спатрэбіцца не менш за тры гады, заявіў у эфіры «Беларусь 1» дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Андрэй Ганчароў.
Па яго словах, беларуская вакцына цяпер знаходзіцца на стадыі планавання. Працоўную групу стварылі месяц таму, распрацоўваць вакцыну будуць Інстытут біяфізікі, Інстытут генетыкі і цыталогіі, РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Міністэрства аховы здароўя.
— Распрацоўка прататыпа — арыентыровачна паўтара года, даклінічныя выпрабаванні на лабараторных жывёл — плюс прыкладна паўгода, далей — клінічныя даследаванні. На колькі яны зацягнуцца, залежыць ад вельмі шматлікіх фактараў — растлумачыў Ганчароў.
Раней у Беларусі вакцыны не распрацоўваліся.
Нагадаем, аб неабходнасці ўласнай вакцыны ад каранавіруса заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён ацаніў яе стварэнне ў 5 млн рублёў. Пакуль што плануецца, што ўжо ў студзені беларусаў пачнуць прывіваць расійскай вакцынай ад каранавіруса "Спутник V" Гам Ковід Вак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.