На радзіму вярнулі літоўца, які пратараніў плот на мяжы з Беларуссю

Літовец, які пратараніў мяжу

Літовец, які пратараніў мяжу / АНТ

Беларусь вярнула на радзіму грамадзяніна Літвы, які пратараніў памежны плот паміж дзвюма краінамі.

Здарэнне адбылося 4 траўня. Мужчына на каршэрынгавым аўтамабілі платформы Bolt урэзаўся ў плот на мяжы непадалёк ад закрытага пункта пропуску Эйшышкес — Доцішкі. Парушальнік мяжы вылецеў на беларускую тэрыторыю, дзе яго і затрымалі.

У інтэрв'ю беларускаму тэлебачанню пазней літовец расказаў, што быў п'яны ,і ехаў з хуткасцю каля 100 км/гадз. Ён нават не разумеў, што набліжаецца да мяжы. Кіроўца пачаў аб'язджаць бетонныя "кубікі" і не пабачыў плот. Пасля сутыкнення ён выйшаў з аўто і зразумеў, што знаходзіцца на мяжы.

Літоўца перадалі на радзіму ў чацвер, 22 траўня. Як піша Delfi, мужчыну дапыталі ў Віленскім пагранатрадзе. Ідзе дасудовае расследаванне па факце знішчэння або пашкоджання маёмасці і па факце незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы. Мужчыну пакінулі на волі, але ён абавязаны адзначацца ў паліцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.