На мінскім чыгуначным вакзале абакралі амерыканца
Грамадзянін ЗША стаў ахвярай злодзея на мінскім чыгуначным вакзале. Як пішуць "Мінск-Навіны", на трэцім паверсе будынка ў 63-гадовага амерыканца скралі пакет, дзе была барсетка з дакументамі, банкаўская картка і 780 долараў.
Праваахоўнікі адзначаюць, што падазраваны трапіў у аб'ектыў відэакамер назірання. Гэта мужчына, які мае на выгляд 55-60 гадоў, сярэдняга целаскладу. Ён быў у цёмнай кепцы, светлай куртцы і штанах, клятчастым шаліку. Пры сабе меў цёмны заплечнік і плецены кошык.
Тых, хто апазнае мужчыну на фота, просяць затэлефанаваць на нумары: (017) 225-02-02 (дзяжурная частка), (029) 726-96-48, (029) 381-86-03 або 102. Канфідэнцыйнасць гарантуецца.