На матчы "Хімік" — "Дняпро" супраць фанатаў выйшлі амапаўцы са шчытамі (фота)
18 кастрычніка матч першай лігі чэмпіянату Беларусі паміж светлагорскім "Хімікам" і магілёўскім "Дняпром" адзначыўся бойкай. У ёй удзельнічалі фанаты "Дняпра" і супрацоўнікі міліцыі, паведамляе фанацкі сайт belultras.by.
Па словах відавочцаў, прычынай стала піратэхніка, якой карысталіся заўзятары магілёўскай каманды. У першым тайме міліцыя ставілася да выкарыстання піратэхнікі спакойна. Але ў другім тайме пасля ўжывання петардаў і інш. ахоўнікі парадку паспрабавалі вывесці з фанацкага сектара маладзейшых хлопцаў. За іх заступіліся старэйшыя заўзятары. Тады фанацкі сектар акружылі амапаўца са шчытамі і ў спецвопратцы.
Паводле папярэдняй інфармацыі, ніхто з фанатаў "Дняпра" не быў затрыманы. Міліцыянты правялі да вакзала тых, хто прыехаў на электрычцы. Аўтаўладальнікаў, якія прыехалі на сваім транспарце, таксама выпусцілі з сектара без праблем.
Фота: belultras.by