На матч БАТЭ — “Граніт” уваход будзе па бясплатных запрашальніках
Бясплатныя запрашальнікі на матч БАТЭ і “Граніта” пачынаюць выдаваць сёння ў касе стадыёна “Гарадскі” ў Барысаве. Уваход на гульню, якая пройдзе заўтра, 4 кастрычніка, будзе вольным. Запрашальнікі выдаюцца, каб упарадкаваць размяшчэнне футбольных заўзятараў на трыбунах, паведамляе сайт ФК БАТЭ.
3 кастрычніка касы стадыёна працуюць з 11.00 да 15.00, а заўтра, 4 кастрычніка — з 12.00 да 18.00 (абед з 14.00 да 14.30).
Уладальнікі сезоннага абанемента змогуць атрымаць запрашальнікі на цэнтральныя сектары. Выдачу запрашальнікаў спыняць за 30 хвілін да пачатку гульні. Пачатак матчу ў 17.30.
Тым часам менавіта заўтра БАТЭ мае шанец датэрмінова заваяваць залатыя медалі сёлетняга чэмпіянату Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі. Барысаўчане чарговым разам стануць пераможцамі першынства, калі абыграюць “Граніт”. Каманда з Мікашэвічаў цяпер займае 6-ты радок у турнірнай табліцы.
Фота: ФК БАТЭ