На матацыкліста-бяспраўніка ў Гродне склалі адразу 15 пратаколаў

На матацыкліста-ліхача гродзенская ДАІ склала 15 пратаколаў. Увечары 25 сакавіка кіроўца не спыніўся на неаднаразовыя патрабаванні інспектараў. Ліхач на матацыклі "Ямаха" з польскім рэгістрацыйным знакам ехаў у цэнтр горада, ігнаруючы патрабаванні ДАІ і праскокваючы на чырвонае святло. Акрамя таго, уцякаючы ад ДАІ, матацыкліст неаднаразова выязджаў на сустрэчную паласу, паведамляе БелаПАН. Павярнуўшы з праспекта Янкі Купалы на вуліцу Пестрака, матацыкліст не справіўся з кіраваннем, і спортбайк лёг на правы бок.

Пры сабе кіроўца не меў ніякіх дакументаў. Не зусім спраўны матацыкл ён купіў у Польшчы паўтара года таму і не рэгістраваў ў ДАІ, не прадастаўляў яго на тэхагляд, не афармляў страхоўку на яго. Каб давесці "Ямаху" да ладу, гродзенец доўга чакаў запчастку. Па яго словах, 25 сакавіка ён упершыню сёлета выехаў пакатацца на байку.

У ДАІ кажуць, што малады чалавек пазбавіцца правоў кіравання транспартнымі сродкамі чатырох катэгорый і атрымае штраф да 18 мільёнаў рублёў.