На Лідчыне лоб у лоб сутыкнуліся два аўтамабілі з дзецьмі (фота)
На шчасце, абышлося без ахвяраў. У лякарню даставілі двух дзяцей.
Удзень 1 сакавіка ў Лідскім раёне адбылося лабавое сутыкненне аўтамабіляў. Пры аварыі, як паведамляе БелаПАН, пацярпелі дзеці.
21-гадовы кіроўца "Рэно-Лагуны" на аўтадарозе Ліда — Радунь каля вёскі Наркуны пайшоў на абгон і выехаў на паласу сустрэчнага руху. Там ён сутыкнуўся з "Фольксвагенам-Пасат".
У абодвух аўтамабілях былі дзеці. У "Рэно" — чатыры падлеткі ад 15 да 17 гадоў, у "Фальксвагене" — маладая сям'я разам са сваім аднагадовым дзіцем. Усе пасажыры абодвух аўтамабіляў былі прышпіленыя рамянямі бяспекі. Аднагадовае дзіця было на заднім сядзенні ў дзіцячым крэсле. Менавіта гэтыя сродкі дапамаглі пазбегнуць больш сур'ёзных наступстваў.
У лякарню даставілі двух дзяцей. 15-гадовы пасажыр "Рэно" атрымаў пералом левай ключыцы, а аднагадовае дзіця з ушыбамі прывезлі ў лякарню для абследавання.



Фота — auto.onliner.by