На кіроўцу, які насмерць збіў раварыстку, пачалі крымінальную справу (фота)

Следчы камітэт абнародаваў падрабязнасці інцыдэнту ў Нясвіжскім раёне, калі п'яны кіроўца насмерць збіў раварыстку.

Як паведамляла Еўрарадыё, зранку 17 жніўня п'яны мужчына на аўтамабілі "Кіа" збіў 49-гадовую раварыстку, паклаў яе на задняе сядзенне свайго аўтамабіля і ўцёк з месца здарэння.

П'яны кіроўца насмерць збіў раварыстку і звез з месца аварыі

Як паведамляе Следчы камітэт, на 32-гадовага кіроўцу пачалі крымінальную справу.

Па версіі следчых, нецвярозы кіроўца не справіўся з кіраваннем і з'ехаў на левую ўзбочыну дарогі. Там ён і збіў раварыстку, якая ехала ў сустрэчным напрамку. Жанчына памерла на месцы. Кіроўца паклаў цела на задняе сядзенне аўто і з'ехаў з месца здарэння. Каб пазбегнуць адказнасці, ён напісаў заяву ў міліцыю пра ўгон яго аўтамабіля.

Міліцыя знайшла аўтамабіль з целам збітай жанчыны на тэрыторі Стаўбцоўскага раёна. Кіроўцу затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Да суда яго могуць узяць пад варту.

Фота: sk.gov.by