На Гомельшчыне прыдумалі "маштабны праект" на некалькі гадоў
Паводка / sb.by
На Гомельшчыне прыдумалі "маштабны праект" на некалькі гадоў. Для абароны ад падтапленняў у некаторых раёнах плануюць пабудаваць дамбы і водаадводныя каналы, піша sb.by.
Распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя па аграгарадку Краснае, жыхары якога большую частку года пакутуюць ад падтапленняў. Працы пачнуцца, калі з'явіцца фінансаванне.
На экспертызе знаходзіцца праект па ўзвядзенні дамбы каля пасёлкаў Сеўрукі, Чонкі і Паляна. Яго называюць "маштабным" і просяць на рэалізацыю некалькі гадоў. Мяркуецца, што ён дазволіць абараніць шматпавярховую забудову, а таксама прыватны сектар ад паводкі. У планах таксама будаўніцтва яшчэ пяці аб'ектаў "у самых крытычных кропках", у якіх у зону падтаплення трапляе найбольшая колькасць дамоў: Манастырок, Якубоўка, Старая Волатава ў Гомелі, а таксама Плёсы, Уза ў Гомельскім раёне. Там давядзецца будаваць вялікія дамбы працягласцю не менш за тры кіламетры. Будзе неабходная істотная колькасць пяску — у сярэднім на дамбу каля 700 тысяч кубаметраў.
У Гомельскай вобласці плануецца падняць узровень некалькіх участкаў дарог, якія традыцыйна падтапляюцца. Прапанаваныя праекты яшчэ разглядаюцца. Выданне адзначае, што "іх рэалізацыя запатрабуе маштабных укладанняў". Ці знойдуцца грошы, невядома.