На гістфаку БДУ знішчылі пано з выявай Кастуся Каліноўскага
Рэшткі дэкаратыўнага пано разам з будаўнічым смеццем / Наша ніва
На гістфаку БДУ падчас рэканструкцыі будынка знішчылі керамічнае пано з выявай Кастуся Каліноўскага, піша "Наша ніва". Яно размяшчалася ў адной з аўдыторый на чацвёртым паверсе. На ім быў адлюстраваны кіраўнік вызваленчага паўстання 1863-1864 гадоў разам з касінерамі.
Знішчэнне пано адбылося яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022-м. На фота відаць, што ў кучы будаўнічага смецця ляжаць фрагменты рэльефнай рамы, якая абрамляла выяву Каліноўскага.
У апошнія гады прапаганда рэжыму Аляксандра Лукашэнкі разам з расійскімі прапагандыстамі актыўна змагаецца "са створаным у савецкай гістарыяграфіі міфам пра Каліноўскага". Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі нядаўна параўнаў Кастуся Каліноўскага з кіраўнікамі антысавецкага Супраціву ва Украіне Сцяпанам Бандэрам і Раманам Шухевічам. Прапаганда шалее ад таго, што ва Украіне шануюць памяць пра Каліноўскага (называюць вуліцы), што яго імя носіць беларускае падраздзяленне, якое змагаецца супраць расійскіх акупантаў.