На брэсцкай будоўлі, дзе знайшлі масавае пахаванне, затрымалі актывіста

Увечары 11 сакавіка каля 22:30 ў Брэсце быў затрыманы мясцовы актывіст Віталь Казак, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".
Здарэнне адбылося каля будоўлі элітнага раёна, дзе былі знойдзеныя парэшткі соцень ахвяраў фашыстоўскага рэжыму. Мяркуецца, што гэта жыхары брэсцкага гета. Паводле апошніх звестак, там знойдзеныя парэшткі каля 600 чалавек. Мяркуецца, што агульная колькасць ахвяраў складзе каля 1000 чалавек.
11 сакавіка да месца пахавання людзі прынеслі кветкі, лампадкі і фатаграфіі габрэяў. Раней сюды ўжо прыносілі жалобныя вянкі і свечкі, але ўначы іх нехта прыбраў. Віталь Казак хацеў пабачыць, хто знішчае памятныя знакі, і сфатаграфаваць вандалаў. Аднак яго самога затрымалі міліцыянты, якіх выклікаў нехта з кіраўніцтва мясцовага ЖЭСа.
На Казака склалі адміністрацыйны пратакол за парушэнне правілаў добраўпарадкавання населеных пунктаў. Актывіста аштрафавалі на 510 рублёў (20 базавых велічыняў).