На брэсцкага краязнаўца склалі 12 пратаколаў за "экстрэмісцкія" рэпосты
12 адміністрацыйных пратаколаў склалі на брэсцкага краязнаўцу і рэдактара газеты "Царква" Ігара Бараноўскага. Як піша "Брестская газета", нагодай сталі рэпосты матэрыялаў тэлеканала "Б*лсат", зробленыя ў ліпені.
27 ліпеня (у дзень, калі сайт і сацсеткі тэлеканала былі прызнаныя экстрэмісцкімі) Бараноўскі размясціў у сваіх сацсетках дзве спасылкі на сайт. Гэта было відэаінтэрв'ю са Святланай Ціханоўскай і банер з інфармацыяй пра колькасць палітвязняў у Беларусі.
На яго склалі два пратаколы за "распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі" ч. 2 арт. 19.11 КаАп. Але суд адправіў пратаколы на дапрацоўку. Пасля гэтага іх колькасць павялічылася да 12 — за кожны рэпост. У тым ліку пратаколы былі складзеныя і на рэпосты, зробленыя да прызнання сайта экстрэмісцкім.
Бараноўскі сказаў, што не ведаў пра неабходнасць выдаляць рэпосты, зробленыя да 27 ліпеня.
Суд над ім пройдзе 22 лістапада.