На беларуска-літоўскай мяжы аднавілі працу два пункты пропуску

Аўтамабілі з Беларусі зноў паехалі ў Літву

Аўтамабілі з Беларусі зноў паехалі ў Літву / Памежны камітэт Беларусі

У ноч на 20 лістапада Літва адкрыла на мяжы пункты пропуску "Мядзінінкай" (з беларускага боку "Каменны Лог") і "Шальчынінкай" (сумежны "Беняконі"). Гэта адбылося ў 1 гадзіну ночы паводле мінскага часу.

Па стане на 8-ю гадзіну раніцы ў Беняконях на выезд з Беларусі стаялі 355 грузавікоў, у Каменным Логу — 570. Чэргаў з легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў не было.

Беларуска-літоўская мяжа была зачынена тры тыдні. Літва закрыла мяжу пасля частага масавага запуску кантрабандных метэазондаў з тэрыторыі Беларусі, праз якія былі вымушаныя спыняць працу літоўскія аэрапорты. Літва планавала трымаць граніцу закрытай да 30 лістапада, але вырашыла адкрыць раней.

Цяпер на межах Беларусі з Еўрасаюзам працуюць сем пунктаў пропуску: чатыры на мяжы з Польшчай, два з Літвой і адзін з Латвіяй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.