На АЗС пад Драгічынам міліцыянты выбілі шыбу ў аўто і выцягнулі кіроўцу

На АЗС пад Драгічынам міліцыянты выбілі шыбу ў аўто і выцягнулі кіроўцу

На АЗС у Драгічынскім раёне супрацоўнікі дэпартамента аховы жорстка затрымалі кіроўцу і пасажыра аўтамабіля Volkswagen Golf. Сам момант затрымання запісаў на мабільнік адзін з відавочцаў.

На відэароліку бачна, як на запраўку прыязджае Volkswagen, а следам за ім — міліцэйскі аўтамабіль з уключанай светлавой і гукавой сігналізацыяй. Калі абедзве машыны спыняюцца, супрацоўнік у форме падбягае да легкавушкі і спрабуе адчыніць заблакаваную дзверку кіроўцы. Пасля няўдалай спробы ён проста разбівае шыбу і выцягвае кіроўцу праз акно. У той самы час яго напарнік выцягвае з аўтамабіля пасажыра і ўкладвае на асфальт. Пасля гэтага міліцыянт чапляе на кіроўцу кайданкі і просіць супрацоўнікаў АЗС націснуць трывожную кнопку.

Адзін з затрыманых спрабуе высветліць, чаму з імі так абыходзяцца: "Мы што, наркаманы? Ці вязем наркотыкі?" На гэта міліцыянт адказвае, што было патрабаванне спыніцца. Затрыманы гаворыць, што не чуў, бо ў салоне гучна грала музыка. 

Ва ўпраўленні дэпартамента аховы па Брэсцкай вобласці журналістам партала tut.by пацвердзілі, што нарад праводзіў затрыманне: "На цяперашні момант праводзіцца службовая праверка. Факт выбыцця быў. Выехалі на затрыманне правамерна. Яны пераследвалі аўтамабіль, які не рэагаваў на патрабаванне аб спыненні".