На "Азоце" у Севераданецку застаюцца дзеці — 118-я раніца вайны

Дым пасля абстрэлу Ташкоўкі ва Украіне / Reuters
Дым пасля абстрэлу Ташкоўкі ва Украіне / Reuters

Севераданецк амаль цалкам знаходзіцца пад кантролем расійскіх войскаў. Выключэнне складае прадпрыемства "Азот", дзе напярэдадні ўвечары працягваліся баі. Пра гэта паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны са спасылкай на ўкраінскія ўлады.

Раніцай кіраўнік Луганскай вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай паведамляў у Telegram, што на "Азоце" па-ранейшаму застаюцца людзі: "568 чалавек, сярод іх 38 дзяцей — у асноўным гэта работнікі прадпрыемства і іх сем'і, яны адмовіліся эвакуявацца". Паводле яго слоў, расійскія войскі апошнія суткі магутна абстрэльвалі Лісічанск.

"Абстрэлы працягваліся пазамінулую ноч і ўвесь учорашні дзень. Прымянялася авіяцыя. Разбурана больш за дзесяць шматпавярховак, прыватныя дамы, будынак аддзела паліцыі. На бягучы момант знойдзена цела аднаго загінулага. Параненую жанчыну адразу эвакуіравалі ў Краматорск", — піша Гайдай.

Інстытут вывучэння вайны прыводзіць меркаванне ўкраінскага намесніка міністра абароны Ганны Маляр. Паводле яе звестак, расійскае кіраўніцтва ўстанавіла 26 чэрвеня ў якасці крайняга тэрміну для выхаду на адміністрацыйныя межы Луганскай вобласці. Расіяне працягваюць перакідваць войскі і тэхніку ў Севераданецк, каб завяршыць захоп прамысловай зоны, адзначаюць у Інстытуце. Каб хутчэй прасунуцца ў Севераданецку і Лісічанску, расійскія войскі актывізуюць аперацыі па перакрыцці трасы Бахмут-Лісічанск.

Адначасова расіяне працягваюць абарончыя аперацыі на паўднёвым кірунку і спрабуюць стрымаць прасоўванне ўкраінскіх войскаў на поўнач ад Харкава ў бок міжнароднай мяжы.

На "Азоте" в Северодонецке остаются дети — 118-e утро войны
Карта кантраляваных тэрыторый па стане на вечар 20 чэрвеня 2022 года / understandingwar.org

Украінскія ўлады заклікалі жыхароў акупаваных тэрыторый Херсонскай вобласці на час з'ехаць — "каб палегчыць дэакупацыю". З такой просьбай да іх звярнулася міністр па пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Ірына Верашчук. Контрнаступленне, па яе словах, абавязкова будзе.

"Едзьце, калі ласка, таму што наша армія абавязкова будзе дэакупаваць гэтыя землі. Наша воля гэта рабіць непахісная. І вельмі-вельмі цяжка потым будзе адкрыць гуманітарны калідор", прыводзіць словы Верашчук "Громадське".

Яна прапанавала выехаць у часова акупаваны Крымам і скарыстацца выдадзенымі РФ "фэйкавымі" дакументамі. Верашчук запэўніла, што ўкраінская ўлада не будзе за гэта караць.

"Яны не парушаць закон, калі паедуць праз часова акупаваны Крым. Мы ведаем, што гэта на сёння — ледзь не адзіны гуманітарны калідор. Калі ёсць магчымасць, едзьце, асабліва з дзеткамі",  — папрасіла ўкраінскі міністр. Па дадзеных украінскіх уладаў, на акупаванай тэрыторыі Херсонскай вобласці застаецца каля паловы жыхароў рэгіёну — 450-500 тысяч чалавек.

Між тым расійскія СМІ цытуюць прадстаўніка новых уладаў Херсонскай адміністрацыі Кірыла Страмаўсава. Ён кажа аб рэферэндуме па ўваходжання рэгіёну ў склад Расіі. Паводле яго слоў, галасаванне запланавана на восень. Але дакладныя тэрміны не называе.

На "Азоте" в Северодонецке остаются дети — 118-e утро войны
Улётка на вуліцы ў Херсоне / @gruntmedia

Тайвань выдаткуе 500 тысяч долараў на аднаўленне ўкраінскага горада Буча. Гэта стала вядома па выніках размовы  мэра Бучы Анатоля Федарука і прадстаўніка Тайваня Джозэфа Ву.

"Нам вядома пра пакуты, забойствы, разбурэнні ад вайны, якія пакінулі ў Бучы агрэсары. Тайвань і ў далейшым будзе падтрымліваць украінцаў і дапамагаць у аднаўленні", — сказаў падчас размовы Джозэф Ву. Яго словы прыводзіць "Громадське". У Бучанскім гарсавеце распавялі, што фінансавую і матэрыяльную дапамогу Тайвань накіруе таксама на аднаўленне Харкава, Чарнігава, Адэсы, Сум, Запарожжа.

Украінская парамедык Юлія Паеўская з пазыўным "Тайра" апублівакала ў Facebook аповед пра ўмовы ўтрымання ў расійскім палоне. На днях яе вызвалілі (абмянялі).

Па словах Паеўскай, пасля палону яна важыць каля 50 кілаграмаў. Але цяпер ёю займаюцца лепшыя лекары, і яна плануе хутка вярнуцца ў строй. Валанцёр таксама яшчэ раз падзякавала за сваё вызваленне ўсіх датычных.

"Больш за ўсё мне балюча за лёс хлопцаў і дзяўчат, якія сядзяць у засценках ворага. Калі ты там, здаецца, што надзеі няма, і Украіна ўжо не існуе як дзяржава. Неабходна дамагчыся, каб усе палонныя былі абаронены Міжнароднай канвенцыяй па правах чалавека, таму што калі мы там — мы абсалютна бяспраўныя як рабы. Ніякіх перадач нам не даюць, ніякай інфармацыі пра сям'ю мы не маем, медычная дапамога недаступная",  — заявіла Тайра.

На "Азоте" в Северодонецке остаются дети — 118-e утро войны
Юлія Паеўская / фота з сацсетак

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.