На “Аўтазаводскай” лініі метро тэхнічныя непаладкі (відэа)
Цягнікі ходзяць вельмі марудна, а ў тунелі каля станцыі “Фрунзенская” працуюць рабочыя.
Праблемы пачаліся раніцай 16 лістапада: цягнікі рухаюцца з вялікімі інтэрваламі і спыняюцца ў тунелях. Гэта адбываецца на ўсёй працягласці лініі ў кірунку ад “Каменнай горкі” да “Магілёўскай”.
Рух запавольваецца пры пад’ездзе на кожную станцыю. На ўчастку ад “Маладзёжнай” да “Фрунзенскай” увогуле давялося стаяць 15-20 хвілінаў. Як сведчыць карэспандэнт TUT.by, людзі ў аранжавай спецвопратцы знаходзяцца проста ў тунелі, на падыходзе да станцыі. Калі на малой хуткасці праходзіць цягнік, яны проста прыціскаюцца да сценак. Мяркуецца, што там адбываюцца нейкія зварачныя работы.
У кабінах машыніста знаходзіцца яшчэ 2-3 чалавекі з рацыямі. На станцыях — таксама супрацоўнікі метрапалітэну з рацыямі і міліцыянты. Інтэрвал руху цягнікоў дасягае 10 хвілінаў, на платформах збіраецца вялікая колькасць пасажыраў. У адным з цягнікоў на “Нямізе” пасажыраў проста папрасілі пакінуць вагоны. Адметна, што ў адваротным кірунку — з “Магілёўскай” да “Каменнай горкі” — цягнікі ходзяць нармальна і без перабояў. Няма праблемаў і на першай лініі метро.