Мяжа з Беларуссю ўсё яшчэ закрытая. Літва чакае ад Лукашэнкі першага кроку
На мяжы / delfi.lt
Літва чакае першага кроку ад Мінска па пытанні магчымага ўрэгулявання сітуацыі на мяжы. Як падкрэслівае прэм'ер-міністр Інга Ругінене, усе дыпламатычныя каналы ўжо задзейнічаныя, але пакуль Літва не вядзе перамоваў наўпрост, а з дапамогай дыпламатычных сігналаў дае рэжыму Аляксандра Лукашэнкі зразумець прычыны закрыцця мяжы.
Ругінене яшчэ раз нагадала, што Вільня пайшла на жорсткія захады праз "гібрыдную атаку", і пастанова аб адкрыцці будзе прынятая толькі пасля ўпэўненасці, што такіх інцыдэнтаў больш не будзе.
Паводле яе слоў, у апошнія дні ўжо з'яўляюцца пазітыўныя сігналы з беларускага боку: аэрапорты працуюць больш зладжана, колькасць праблемных сітуацый зменшылася. Разам з тым, праца працягваецца і канчатковае рашэнне аб зняцці абмежаванняў пакуль не прынята.
Нагадаем, што Літва закрыла мяжу з Беларуссю ў канцы кастрычніка да 30 лістапада 2025 года. Прычынай назвалі неаднаразовыя парушэнні паветранай прасторы краіны метэаралагічнымі зондамі, што паралізавала працу Віленскага аэрапорта.