МУС Літвы разгледзіць для беларусаў магчымасць вярнуцца на радзіму
На беларуска-літоўскай мяжы, ілюстрацыйнае фота / vsat.lrv.lt
Міністэрства ўнутраных спраў Літвы разгледзіць для беларусаў, якія затрымаліся ў краіне, магчымасць вяртання дадому пасля закрыцця мяжы.
Кіраўнік ведамства Уладзіслаў Кандратовіч паведаміў пра гэта пасля таго, як пытанне задаў прадстаўнік партыі кансерватараў Юргіс Разма.
Палітык сказаў, што цалкам пагаджаецца з забаронай грамадзянам Беларусі ўязджаць у Літву. "Аднак я не зусім разумею, чаму грамадзянам Беларусі не дазваляюць з'ехаць з Літвы? Калі ў кагосьці скончыўся тэрмін дзеяння дазволу на працу або віду на жыхарства — хай яны з'язджаюць як мага хутчэй", — заявіў Разма. Ён прапанаваў, каб МУС пашырыў пералік асоб, якія могуць перасякаць мяжу ў пункце пропуску "Мядзінінкай — Каменны Лог".
"Паглядзім, падкарэктуем, абмяркуем. Калі людзі захочуць з'ехаць — то несумненна", адказаў Кандратовіч.
Літва закрыла мяжу з Беларуссю да 30 лістапада. Частковы праезд дазволены толькі праз памежны пераход "Каменны Лог — Мядзінінкай", але грамадзяне Беларусі змогуць праехаць праз яго ў Літву толькі калі маюць від на жыхарства ў краіне ці гуманітарную візу.