МУС Беларусі збіў "экстрэмісцкую актыўнасць фанацкіх рухаў"

МУС Беларусі збіў "экстрэмісцкую актыўнасць фанацкіх рухаў"

МУС Беларусі збіў "экстрэмісцкую актыўнасць фанацкіх рухаў". Для гэтага праваахоўнікі "працавалі" з іх лідарамі. Пра гэта ў інтэрв'ю газеце "СБ. Беларусь сегодня" заявіў палкоўнік міліцыі Міхаіл Бедункевіч, начальнік 3-га ўпраўлення па супрацьдзеянню экстрэмізму Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС.

Паводле яго слоў, год таму, пасля актывізацыі экстрэмістаў і тэрарыстаў у свеце, у тым ліку і ў суседніх краінах, упраўленне пачало працаваць па некалькіх накірунках. Першы з іх — "супрацьдзеянне экстрэмізму ў маладзёжных непалітызаваных фармаваннях". Гаворка ідзе найперш пра "каляфутбольныя групоўкі". Бедункевіч адзначае, што ў іх, як і ў арганізаваных злачынных груп, была дакладная іерархія, арганізаванасць, трэніраванасць і нават "уплыў на крымінагенную сітуацыю ў рэгіёнах". Аднак у "каляфутбольных груповак" была "ярка выяўленая хуліганская накіраванасць", непаўнагадовых уцягвалі ў "антыграмадскія дзеянні", навязваліся ідэі нацызму і "ультралевай філасофіі". Цяпер, дзякуючы намаганням міліцыі, сітуацыя ўжо змянілася.

Другі накірунак працы — супрацьэкстрэмісцкія мерапрыемствы сярод прадстаўнікоў радыкальных рэлігійных суполак, каб не дазволіць уцягваць беларускіх грамадзян у плыні, якія падтрымліваюць радыкальных ісламістаў. Трэці накірунак — супрацьдзеянне наёмніцтву. МУС намагаецца не дапусціць удзелу грамадзян Беларусі ў замежных канфліктах, у тым ліку ва Украіне і ў Сірыі.

"Узаемадзейнічаем з праваахоўнымі органамі замежных дзяржаў, адсочваем транзіт ідылаўцаў [удзельнікаў тэрарыстычнай "Ісламскай дзяржавы"] праз тэрыторыю Беларусі, перарываем спробы выкарыстаць тэрыторыю нашай краіны як прытулак для тэрарыстаў і экстрэмістаў, якія знаходзяцца ў міжнародным вышуку, — гаворыць Міхаіл Бедункевіч. — Кантралюем міграцыйныя працэсы. Звяртаем асаблівую ўвагу на выхадцаў з неспрыяльных у міграцыйных адносінах краін, дзе шырока распаўсюджаны радыкальны ісламізм. Цесна ўзаемадзейнічаем з рэлігійнымі суполкамі. Не дапускаем ўезду ў Беларусь радыкальна настроеных прыхільнікаў вахабізму і іншых рэлігійных плыняў, якія нясуць небяспеку".