МУС Беларусі пацвярджае дыверсіі на чыгунцы
МУС Беларусі пацвярджае дыверсіі на чыгунцы. Сцвярджаецца, што ёсць некалькі затрыманых удзельнікаў гэтых акцый, якія адгукнуліся на заклікі блакаваць чыгунку і псаваць сігнальнае абсталяванне.
Раней былыя беларускія сілавікі паведамілі пра правядзенне акцый на чыгунцы, мэтай якіх быў зрыў перавозкі расійскіх войскаў і ўзбраенняў на тэрыторыі Беларусі. МУС паведамляе, што 28 лютага і 1 сакавіка у Магілёўскай, Гомельскай і Мінскай абласцях былі "тры факты знішчэння сігнальнага абсталявання, блакавання чыгункі". Гэтыя дзеянні квалікаваныя як "акты тэрарызму", распачата крымінальная справа.
Інфраструктуру беларускай чыгункі пачалі ахоўваць міліцыя і ўнутраныя войскі. Нешта падобнае было пасля Другой сусветнай вайны, калі яшчэ ішла барацьба з антысавецкім падполлем і дыверсантамі.
У ноч на 2 сакавіка ў Стоўбцах затрымалі мужа і жонку, якія на чыгунку паклалі бярвёны і падпалілі іх. Мэтай акцыі было спыненне руху цягнікоў. У сераду яшчэ адзін "рэйкавы партызан" быў затрыманы ў Жодзіне. Іншых шукаюць. МУС пагражае, што "з тэрарыстамі не дамаўляюцца, іх знішчаюць".
Тым часам хакерская групоўка паведамляе пра чарговую атаку на кіберсістэму Беларускай чыгункі.