МУС Беларусі і Расгвардыя падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве

Будынак Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі / з архіва БЕЛТА​
Будынак Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі / з архіва БЕЛТА​

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі і Федэральная служба войскаў нацыянальнай гвардыі РФ (Расгвардыя) заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве. Дакумент быў падпісаны яшчэ 19 лістапада, аднак яго тэкст з'явіўся на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале ў ноч на 18 снежня.

У пагадненні гаворыцца, што бакі падпісалі гэты дакумент, "надаючы важнае значэнне развіццю міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы забеспячэння дзяржаўнай і грамадскай бяспекі, абароны правоў і свабод чалавека і грамадзяніна".

Узаемадзейнічаць мяркуецца па 10 кірунках: ад аховы грамадскага парадку і барацьбы з тэрарызмам да развіцця спартыўных і культурных сувязяў і аказанне садзейнічання ў санаторна-курортным лячэнні вайскоўцаў і членаў іх сем'яў. Сярод іншых магчымых напрамкаў супрацоўніцтва: ахова важных дзяржаўных аб'ектаў і спецгрузаў; кантроль у галіне абароту зброі; забеспячэнне бяспекі аб'ектаў паліўна-энергетычнага комплексу; ахова асабліва важных і рэжымных аб'ектаў і асобна  — ахова маёмасці фізічных і юрасоб; забеспячэнне сілавой падтрымкі па супрацьдзеянні злачыннасці.

У дакуменце таксама прапісаны механізм звароту па дапамогу. Ён павінен быць аформлены пісьмова, але "у неадкладных выпадках запыты могуць перадавацца вусна, аднак не пазней чым праз 3 сутак яны павінны быць пацверджаны ў пісьмовай форме". У запыце павінны быць указаны, сярод іншага, сутнасць справы, і якую дапамогу чакаюць ад другога боку.

Пры гэтым у дапамозе можа быць адмоўлена, "калі запытаны Бок лічыць, што выкананне запыту можа нанесці шкоду суверэнітэту, бяспецы, грамадскаму парадку або іншым істотным інтарэсам яго дзяржавы альбо супярэчыць заканадаўству або міжнародным абавязацельствам яго дзяржавы".

У дакуменце таксама пазначана, што ён уступае ў сілу з моманту падпісання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.