МКАД стане васьміпалоснай, з’явяцца палосы для ціхаходнага транспарту

МКАД і трэцяе кальцо: як зменіцца рух у Мінску да 2030 года
/ gordorstroy.by
Мінская кальцавая аўтамабільная дарога (МКАД) у бліжэйшыя два гады стане васьміпалоснай, паведамляе ДАІ Мінска. Работы па пашырэнні магістралі плануецца завяршыць да канца 2026 года. Абяцаюць зручную арганізацыю руху і выдзеленыя ўчасткі для ціхаходнага транспарту.
Павелічэнне колькасці палос да чатырох у кожны бок будзе рэалізавана без маштабных дарожных праектаў — за кошт асфальтабетоннай абочыны і новай разметкі.
На новых палосах абмяжуюць хуткасць да 70 км/г — яны будуць прызначаныя для ціхаходнага транспарту.
У ДАІ таксама адзначылі, што адным з самых аварыйных участкаў з’яўляецца шасцікіламетровы адрэзак унутранага кальца ад вул. Убарэвіча да Ігуменскага тракта. З 2022 па 2024 год тут адбылося 88 ДТЗ.

Трэцяе транспартнае кальцо
Таксама разглядаецца будаўніцтва трэцяга транспартнага кальца, якое дазволіць перамяшчацца паміж раёнамі Мінска, не выязджаючы на МКАД.
Яно павінна прайсці праз жылыя і прамысловыя зоны сталіцы — часткова па ўжо існуючых вуліцах, часткова па новых дарогах.
Сярод ключавых пунктаў злучэння: Ратамская–Калеснікава, Каржанэўскага–Чурлёніса, Сярова–Пташука, Малініна–Манюшкі.
Чакаецца, што трэцяе кальцо з’явіцца да 2030 года і значна разгрузіць асноўную МКАД, якая перагружаная нават пасля ўвядзення ў 2015 годзе МКАД-2.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.