"Мінсктранс": Панікаваць мінчукам не варта
Праблемы, звязаныя з аплатай праезду ў сталічным грамадскім транспарце, будуць ліквідаваныя на працягу тыдня.
Пра гэта 1 красавіка заявіў намеснік гендырэктара "Мінсктранса" Андрэй Паплёўка.
Нагадаем, з сённяшняга дня ў Мінску пачала працаваць новая сістэма аплаты ў грамадскім транспарце. Увечары 31 сакавіка каля касаў метро стаялі вялізныя чэргі мінчукоў, якія хацелі набыць новыя праязныя білеты. А сёння з'явілася інфармацыя, што сістэма дае збоі — у мінскім транспарце не працавала частка валідатараў.
"Панікаваць мінчукам не варта, — цытуе словы Андрэя Паплёўкі БЕЛТА. — Сітуацыя звязаная з пачаткам працы сістэмы на вялікай колькасці тэхнічных сродкаў і бескантактавых картак. Па законе вялікіх лікаў расце адсотак памылак. Гэты этап праходзіць любая сістэма, асабліва такая маштабная. Ліквідацыя ўсіх хібаў, якія былі выяўлены, будзе адбывацца ў самыя кароткія тэрміны. Нейкі адсотак валідатараў патрабуе данастройкі, яна будзе адбывацца аператыўна. На працягу тыдня ўсё ўтрасецца".