Мінскія даішнікі са стралянінай затрымалі п'янага кіроўцу

Як паведамляе БЕЛТА, тры жыхары Мар'інай Горкі выпілі і вырашылі ноччу з'ездзіць у Мінск на Renault 19. Няўпэўненая манера язды кіроўцы адразу прыцягнула ўвагу супрацоўнікаў ДАІ, якія дзяжурылі ў гэтым раёне. На дарозе кіроўца паводзіў сябе неадэкватна: мітусіўся па розных шэрагах, то павялічваў хуткасць, то рэзка тармазіў.

Даішнікі далі яму сігнал спыніцца, але кіроўца павялічыў хуткасць, каб уцячы. Інспектары вырашылі страляць. Яны зрабілі пяць папераджальных стрэлаў, а шостым прыцэльным прабілі задняе кола аўтамабіля. Машына спынілася, ніякіх іншых пашкоджанняў яна не атрымала.

Кіроўца і два пасажыры кінуліся з аўтамабіля ўрассыпную. Даішнікі затрымалі 20-гадовага кіроўцу і 23-гадовага ўладальніка Renault. Медагляд паказаў, што абодва былі п'яныя — 1,8 праміле ў кіроўцы, 1,24 праміле ва ўладальніка машыны.

Абодва парушальнікі будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.

Фота — gazeta.a42.ru