Мінскі АМАП зноў злавіў дрыфтараў на Кастрычніцкай плошчы
За рулём аўтамабіля была дзяўчына.
Нарад мінскага АМАПа ў ноч 17 траўня заўважыў на Кастрычніцкай плошчы сталіцы аматараў падрыфтаваць. Каля пятай гадзіны раніцы на цэнтральную плошчу горада заехаў аўтамабіль "Хёндэ" з расійскімі нумарамі. На плошчы аўтамабіль шпарка зрабіў некалькі кругавых манеўраў.
Як паведамляе прэс-служба сталічнай міліцыі, праваахоўнікі кінуліся да парушальнікаў, тыя паспяшаліся ўцячы. Амапаўцы заўважылі толькі, што за рулём была дзяўчына, а пасажырамі — яшчэ дзве дзяўчыны і хлопец.
Літаральна за паўгадзіны па перададзеных прыкметах міліцыянты затрымалі дзвюх дзяўчат — 23 і 19 гадоў, якія знаходзіліся ў гэтым аўтамабілі. Крыху пазней праваахоўнікі знайшлі і сам аўтамабіль, пакінуты на адной з аўтамабільных парковак.
На затрыманых парушальнікаў склалі адміністрацыйныя пратаколы за дробнае хуліганства і з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане ап'янення. Міліцыянты шукаюць астатніх удзельнікаў інцыдэнту.
Нагадаем, што за апошнія паўгода гэта трэці выпадак дрыфтынгу на Кастрычнцкай плошчы. Спярша кампанія з Падмаскоўя на "Шэўрале" на пачатку студзеня каталася вакол галоўнай елкі горада. Праз два тыдні такая ж пакатушка была зладжаная на "Аўдзі".
Фота — vip-kvartira.by