Мінскае "Дынама" сёння згуляе ў Лізе Еўропы з венскім "Рапідам"
Мінскае "Дынама" сёння згуляе свой другі матч у групавым раўндзе футбольнай Лігі Еўропы. На "Барысаў-Арэне" дынамаўцы будуць прымаць венскі "Рапід". Жывая трансляцыя запланаваная на тэлеканале "Беларусь 5", пачатак а 22-й гадзіне.
Галоўны трэнер дынамаўцаў Вук Рашавіч на перадматчавай канферэнцыі заявіў, што спадзяецца на хуткі гол сваёй каманды (гл. відэа). Падобна на тое, што ён, як і ўся каманда, яшчэ знаходзяцца пад уражаннем ад сенсацыйнай перамогі БАТЭ над “Ромай” у Лізе чэмпіёнаў.
Як паведамляла Еўрарадыё, у першым туры "Дынама" прайграла ў гасцях чэшскай "Вікторыі" — 0:2, а "Рапід" на сваім полі абыграў іспанскі "Вільярэал" — 2:1. Такім чынам у групе "Е" лідыруюць чэхі і аўстрыйцы, у якіх па 3 ачкі.
22 кастрычніка дынамаўцы сустрэнуцца ў гасцях з "Вільярэалам", а 5 лістапада будуць прымаць іспанцаў у Барысаве. 26 лістапада "Дынама" згуляе ў хатнім матчы з "Вікторыяй", а 10 снежня — у гасцях з "Рапідам".
Фота: dinamo-minsk.by