Мінскае “Дынама” і жодзінскае “Тарпеда-БелАЗ” падзялілі ачкі

Мінскае “Дынама” і жодзінскае “Тарпеда-БелАЗ” 8 кастрычніка згулялі перанесены матч 16-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе сярод каманд вышэйшай лігі. Гульню прымалі мінчане. Яны адкрылі лік матчу на 64-й хвіліне голам у выкананні ўкраінскага легіянера Яўгена Будніка і не дазволілі гасцям забіць гол у адказ да канца асноўнага часу. Аднак у апошнюю даданую хвіліну гаспадары прапусцілі мяч, накіраваны ў іх браму Дзмітрыем Рэкішам. Такім чынам, лік матчу — 1:1.
Пасля 24 тураў чэмпіянату краіны 1-е месца займае барысаўскі БАТЭ з 60 ачкамі, на другім месцы салігорскі “Шахцёр” (45 ачкоў), на трэцім — мінскае “Дынама” (42 ачкі).
Кандыдатамі на вылет з вышэйшай лігі застаюцца бабруйская “Белшына” (21 ачко, 15-е месца) і наваполацкі “Нафтан” (19 ачкоў, 16-е месца).
Наступны тур пройдзе 14-16 кастрычніка. У ім адбудуцца матчы “Граніт” — БАТЭ, “Нафтан” — “Крумкачы”, “Дынама” (Мінск) — “Дынама” (Брэст), “Шахцёр” — “Мінск”, “Славія” — “Іслач”, “Тарпеда-БелАЗ” — “Нёман”, “Гарадзея” — “Белшына”, “Слуцк” — “Віцебск”.
У наступным туры ў выпадку перамогі БАТЭ стане датэрміновым чэмпіёнам краіны.