Міністру культуры забаранілі браць на працу тых, хто выступаў супраць рэжыму

Купалаўскі тэатр у 2020 годзе, архіўнае фота
Лукашэнка забараніў браць на працу ў сферы адукацыі, СМІ, культуры, спорту тых, хто падтрымаў пратэсты ў 2020 годзе. Нават калі гэта будуць таленгавітыя людзі.
Пра гэта ён заявіў падчас прызначэння міністраў 3 сакавіка.
"Ёсць нейкія родныя, блізкія, знаёмыя. «Я лічу, што яны вельмі таленавітыя, — я цытую некаторых міністраў. — Таму яны павінны працаваць». Нягледзячы на тое, што яны ворагі фактычна нашай дзяржавы і сядзяць да пары да часу пад венікам. У вашай структуры такіх дастаткова. Больш, чым дзе-небудзь. Гэтага быць не павінна", — заявіў Лукашэнка.
Ён заявіў: калі публічныя асобы "выступалі супраць дзяржавы", ім прабачэння з боку ўлады быць не можа.
Звяртаючыся да міністра культуры Руслана Чарнецкага, ён падкрэсліў, што даравання не можа быць нават самым таленавітым творцам. "Калі ў цябе там ёсць нейкія хістанні (ну як, гэта вось ён у кінематаграфіі можа кіно зняць, больш ніхто…), трэба гэта спыніць. Ты дзяржаўны чалавек. Яны павінны быць такія, як ты. Вось і ўся размова", — падсумаваў Лукашэнка.
Многія дзеячы культуры трапілі пад рэпрэсіі з 2020 года. Шмат хто звольніўся і быў вымушаны пакінуць краіну. Самым гучным прыкладам стала трупа Купалаўскага тэатра, якая звольнілася амаль поўным складам.
Паводле інфармацыі беларускага ПЭНа, па стане на 28 лютага 2025 года ў месцах пазбаўлення ці абмежавання волі знаходзіліся не менш за 170 дзеячаў культуры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.