Мінгандлю прымусіла А1 і МТС вярнуць тарыфы з безлімітным інтэрнэтам

Смартфон
Мінгандлю прымусіла А1 і МТС вярнуць тарыфы з безлімітным інтэрнэтам. Так ведамства "абараніла правы спажыўцоў".
Сотавыя аператары збіраліся закрыць лінейкі тарыфаў "Без лимита" і "Безлимитище". Але сінхронна перадумалі.
А1 вяртае тарыфы з лінейкі “Без лимита”, якія “палюбіліся карыстальнікам”. Хаця яны і не будуць дасяжныя для новых падключэнняў.
МТС жа вырашыў перанесці дату закрыцця тарыфных планаў з лінейкі “Безлимитище”. І нават дазволіць вярнуцца абанентам, якія сыйшлі на іншыя тарыфныя планы пасля абвесткі пра закрыццё.
Высветлілася, што ў справу ўмяшаўся МАРГ. 5 чэрвеня там ініцыявалі сустрэчу з прадстаўнікамі А1 і МТС, а таксама Міністэрства сувязі.
Было агучана, што беларусы закідалі ведамствы скаргамі на закрыццё безлімітных тарыфных планаў і прымусовы перавод на даражэйшыя тарыфныя планы. Чыноўнікі вырашылі, што ў аднабаковым парадку так паступаць нельга. І запатрабавалі ад сотавых аператараў вярнуць абанентаў на ранейшыя безлімітныя тарыфы, што тыя і былі вымушаныя зрабіць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.