Мінчук падмануў 25 чалавек на 827 мільёнаў рублёў
Следчы камітэт перадаў пракурору для накіравання ў суд крымінальную справу на сталічнага прадпрымальніка. Як паведамляецца на сайце Следчага камітэта, мужчыну падазраюць у падмане 25 уладальнікаў дачных участкаў і прыватных домаўладанняў ў Мінскай вобласці. Гаворка ідзе пра 827 мільёнаў рублёў.
Праваахоўнікі кажуць, што мужчына заняўся сваёй супрацьпраўнай дзейнасцю ў 2007-2008 гадах. Прадпрымальнік абяцаўся набыць будматэрыялы і выканаць будаўніча-мантажныя работы. Ён мусіў рабіць падмуркі, зрубы дамоў і лазняў, рэканструкцыю пэўных элементаў ды інш. За гэта ён браў перадаплату ў рублях і валюце. Атрыманыя грошы, аднак, ён выкарыстоўваў на ўласныя мэты.
Мінчук надаваў сваёй дзейнасці законны выгляд. Ён зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік і выкарыстоўваў рэгістрацыйнае пасведчанне пры заключэнні дамоваў падраду. У некаторых выпадках мужчына за атрыманыя грошы выконваў працу толькі часткова і перапыняў сувязь з кліентамі. Свой адрас ён нікому не паведамляў.
Цяпер праваахоўнікі завяршылі расследаванне крымінальнай справы і перадалі матэрыялы пракурору для накіравання ў суд. Мужчыну вінавацяць у махлярстве ў асабліва буйным памеры.
Фота: sk.gov.by