Мінчанка пералічыла 20 тысяч долараў лжэсупрацоўнікам “Энергазбыту”
Па факце здарэння распачата крымінальная справа / 1prof.by
69-гадовая жыхарка Мінска стала ахвярай махляроў і страціла $20 тысяч. Пра гэта паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама.
Схема была такой: жанчыне патэлефанавалі на хатні тэлефон нібыта супрацоўнікі “Энергазбыту” і выманілі яе асабістыя даныя. Праз некалькі хвілін ёй патэлефанаваў “супрацоўнік праваахоўных органаў”, які запатрабаваў спыніць размову з папярэднімі суразмоўцамі і дзейнічаць строга паводле яго інструкцый.
Пенсіянерка, паверыўшы махлярам, згадзілася “забяспечыць бяспеку” сваіх зберажэнняў. Выконваючы іх указанні, яна задэкларавала свае ашчаджэнні і праз касы некалькіх банкаў пералічыла каля $20 тысяч на так званыя “бяспечныя рахункі”.
Пасля гэтага жанчына адправіла злачынцам фотаздымкі банкаўскіх квітанцый.
Падман выявіўся, калі пацярпелая распавяла пра сітуацыю свайму ўнуку. Па факце здарэння распачата крымінальная справа.