Мінчанін “дапамагаў” грамадзянам атрымаць крэдыт па фальшывай даведцы
Яму пагражае да двух гадоў турмы.
Супрацоўнікі аддзелу барацьбы з эканамічнымі злачынствамі Савецкага РУУС сталіцы выявілі зламысніка, які гандляваў фальшывымі даведкамі аб прыбытку. Дакументы прызначаліся для атрымання крэдытаў у банках.
Свой незвычайны бізнэс ён рэкламаваў праз інтэрнэт: на адным з сайтаў была размешчаная інфармацыя, што дырэктар аднаго са сталічных прадпрыемстваў за ўзнагароджанне гатовы ад свайго імя выпісаць грамадзянам даведкі ад працоўных даходах. Абвестка прыцягнула ўвагу праваахоўнікаў і дзялка вырашылі праверыць.
На сёння выяўлена 8 грамадзян, якія хацелі займець фальшывыя даведкі для атрымання крэдытаў. На іх завялі крымінальныя справы за выкарыстанне падробленых дакументаў.
Самога ж бізнэсмена прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за службовы падлог. За гэтае злачынства ён можа атрымаць штраф, або пазбавіцца права займацца пэўнай дзейнасцю. Таксама гэты артыкул Крымінальнага кодэксу прадугледжвае пазбаўленне волі тэрмінам да двух год, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.
Фота з архіву