Мінадукацыі зацвердзіла новыя правілы захоўвання тэлефонаў у школах

Дзіця з тэлефонам

Дзіця з тэлефонам / Yeon Li / Unsplash

Міністэрства адукацыі пастановай №136 ад 1 жніўня зацвердзіла парадак здачы мабільных тэлефонаў і іншых прылад на захоўванне ў школах. З 1 верасня выкарыстанне тэлефонаў вучнямі ў будынках школ будзе забаронена, за выключэннем выпадкаў, звязаных са здароўем або экстраннай сувяззю з бацькамі.

Школы павінны абсталяваць спецыяльныя месцы для захоўвання прылад: індывідуальныя ячэйкі, кейсы для класаў, шафы або асобныя памяшканні, да якіх доступ кантралююць прызначаныя адказныя асобы. Па заканчэнні вучэбнага дня або пазакласных мерапрыемстваў вучні вяртаюць свае прылады пад кіраўніцтвам педагога або адказнага супрацоўніка.

Акрамя таго, пастановай зменены правілы допуску законных прадстаўнікоў і наведвальнікаў у школы: цяпер уваход магчымы толькі пры прадстаўленні дакумента, які пацвярджае асобу, з рэгістрацыяй у журнале аховы і ўказаннем мэты візіту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.