Мінабароны Расіі ўпершыню агучыла страты свайго войска ва Украіне
2 сакавіка Мінабароны Расіі ўпершыню агучыла страты свайго войска ва Украіне. Лічба больш чым у 10 разоў меншая за тую, якую называе ўкраінскі бок. Паводле расійскага ведамства, за шэсць дзён вайны загінулі 498 вайскоўцаў РФ, 1597 атрымалі раненні. Кіеў раніцай 2 сакавіка паведаміў пра "больш за 5840" загінулых расійскіх вайскоўцаў з 24 лютага. Адзначаецца, што "даныя становяцца больш дакладнымі".
Мінабароны РФ сцвярджае, што ўкраінцы страцілі больш за 2870 чалавек забітымі і 3700 былі параненыя. Цяжка ўявіць, якім чынам у Маскве змаглі падлічыць, паколькі ракетныя ўдары наносяцца практычна па ўсёй Украіне і, верагодна, нават украінскае кіраўніцтва не мае яшчэ поўных звестак.
Мінабароны Расіі пачало агучваць лічбы па стратах пасля таго, як сваякі загінулых расійскіх салдат сталі даведвацца пра гэта, у тым ліку і з украінскіх СМІ. У РФ пачалі ўжо прыходзіць труны.