Мілінкевіча ўвялі ў медыкаментозны сон

Аляксандр Мілінкевіч

Аляксандр Мілінкевіч / Еўрарадыё

Аляксандра Мілінкевіча пасля аперацыі ўвялі ў медыкаментозны сон. Пра гэта ў сацсетках напісала Іна Кулей — жонка палітыка і навукоўцы.

"Хачу  паведаміць апошнюю інфармацыю аб стане Аляксандра. Ён знаходзіцца ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі, яго ўвялі ў фармакалагічны сон. Гэта важна каб даць арганізму магчымасць мацавацца не страчваючы сілы на рух. Стан стабільны. Неўролагі прымуць рашэнні аб далейшых кроках", — паведаміла яна.

Сваякі маюць магчымасць наведваць Мілінкевіча.

Таксама Кулей напісала, што 28 лістапада ў базыліцы Святога Крыжа на Кракаўскім прадмесці ў Варшаве адбудзецца малітва за здароўе Мілінкевіча.

"У Базыліцы Святога Крыжа на Кракаўскім прадмесці  ёсць цудадзейная ікона Тадэвуша Іуды, які дапамагае ў цяжкіх станах і справах безнадзейных. Пра гэтую ікону калісьці нам расказаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Ён маліўся  гэтаму святому аб адраджэнні Касцёла ў Беларусі. На той час гэта здавалася абсалютна безнадзейнай справай. Але сёння Касцёл збірае вернікаў на імшы па ўсёй Беларусі і гаворыць з імі на роднай мове", — адзначыла Кулей. Яна запрасіла далучыцца да малітвы вернікаў, якія маюць час і жаданне.

Аляксандру Мілінкевічу 78 гадоў. У 2006 годзе ён быў кандыдатам у прэзідэнты ад аб'яднанай беларускай апазіцыі. Пасля 2020 года пакінуў Беларусь, апошнім часам узначальвае Вольны Беларускі Універсітэт.

25 лістапада стала вядома, што Мілінкевічу зрабілі складаную аперацыю: выдалілі тромб на соннай артэрыі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.