Міліцыя затрымала перакупшчыка білетаў на матч БАТЭ — "Барселона"
У Барысаве міліцыя разам з падаткавікамі затрымала перакупшчыка білетаў на матч групавога раўнда футбольнай Лігі чэмпіёнаў БАТЭ — "Барселона" (ён пройдзе 20 кастрычніка на "Барысаў-Арэне"). 51-гадовы мужчына раніцай 17 верасня рэалізоўваў білеты каля завода "Барысаўскія медыцынскія прэпараты". Іх у яго было на 13 мільёнаў рублёў, інфармуе прэс-служба міліцыі Мінскай вобласці.
Білеты ў перакупшчыка праваахоўнікі забралі. У яго адносінах склалі адміністрацыйны пратакол па артыкуле "Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць". Вядома. што мужчына нідзе не працуе.
Нагадаем, продаж білетаў на хатнія матчы БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў неспадзявана скончыўся вельмі хутка, за 40 хвілін. Нямала заўзятараў не змаглі набыць квіткоў, аднак прапановы іх купіць неўзабаве з'явіліся ў інтэрнэце, праўда, у некалькі разоў даражэй. Як паведамляла Еўрарадыё, білетамі гандлявалі нават у Вільні. Кіраўніцтва ФК БАТЭ сітуацыю пакуль не каментуе.
Здымак з архіву.