Міліцыя распавяла падрабязнасці ўзброенага рабавання крамы ў Лагойску
Міліцыя Мінскай вобласці распавяла падрабязнасці ўзброенага абрабавання крамы ў Лагойску. Як распавядала Еўрарадыё, 29 сакавіка два мужчыны — 31 і 30 гадоў — зайшлі ў прадуктовую краму з паляўнічай стрэльбай і забралі там дзве бутэлькі каньяку.
Як паведамляе прэс-служба УУС Мінскай вобласці, першага з двух падазраваных дзяжурны нарад ДАІ затрымаў па прыкметах на працягу гадзіны пасля паведамлення ад прадавачкі з абрабаванай крамы. Другога з нападнікаў міліцыянты знайшлі ў яго дома. Абодва прызналіся ў разбойным нападзе на краму. У іх была канфіскаваная частка скрадзенага.
Мужчыны распавялі, што зранку выпівалі, а потым захацелі дабавіць. Адзін з сабутэльнікаў ведаў, што ў гаспадара кватэры, дзе ён здымае пакой, ёсць паляўнічая двухствольная стрэльба. Скраўшы зброю, сабутэльнікі знялі з яго адзін ствол і з ім пайшлі ў краму.
Дачакаўшыся адсутнасці пакупнікоў, мужчыны прыгразілі прадавачцы ствалом, які тырчаў з рукава курткі, і запатрабавалі алкаголь. Жанчына адмовіла ім, тады нападнікі самі ўзялі з прылаўка дзве бутэлькі каньяку і збеглі.
Пасля нападу парачка адправілася ў лесапаласу, каб працягнуць п'янку. Яны выпілі каля бутэлькі каньяку, падзялілі рэшткі і разышліся. У гутарцы з міліцыянтамі маладыя людзі не змаглі патлумачыць свой учынак — сказалі толькі, што былі п'яныя.
Абодва затрыманыя раней ужо былі судзімыя за крадзяжы. Зараз на іх пачалі крымінальную справу за разбойны напад.