Міліцыя пацвердзіла, што праводзіць "адпрацоўку незанятых у эканоміцы"

Збор "дармаедаў" з дапамогай міліцыі

Збор "дармаедаў" з дапамогай міліцыі / pramen-news.by

З'явілася афіцыйнае пацвярджэнне інфармацыі пра тое, што райаддзелы міліцыі разам з упраўленнямі па працы і занятасці, раённымі камісіямі па садзейнічанні ў працаўладкаванні "адпрацоўваюць грамадзян", якія знаходзяцца ў базе не занятых у эканоміцы.

Адпаведную публікацыю рэдакцыя "Флагштока" заўважыла ў рэчыцкай раёнцы "Дняпровец". Там гаварылася, што з 1 красавіка 2025 года МУС рэалізуе "Комплекс дадатковых мер па аказанні прафілактычнага ўздзеяння ў дачыненні да працаздольных грамадзян, незанятых у эканоміцы, у тым ліку асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця".

У Рэчыцкім РАУС сказалі, што з такімі асобамі праводзяцца тлумачальныя гутаркі, штодзень адбываюцца прыёмы ўчастковых міліцыянтаў, а таксама "наведванне па месцы жыхарства сумесна з зацікаўленымі службамі". Таксама так званых "дармаедаў" збіраюць на "групавыя прафілактычныя мерапрыемствы па садзейнічанні ў працаўладкаванні".

Таксама пацвердзілася інфармацыя, што "дармаедам" уручаюць позвы наконт яўкі ў міліцыю на "групавыя мерапрыемствы":

"У рамках названага комплексу ў адрас непрацуючых працаздольных грамадзян накіроўваюцца (уручаюцца пад подпіс) паведамленні аб неабходнасці звароту ў органы па працы і занятасці для аказання садзейнічання ў працаўладкаванні альбо для пацверджання працоўнай занятасці".

Звесткі пра штрафы за няяўку на "дармаедскую" камісію з'явіліся ў Беларусі пару месяцаў таму. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.