Мігранты не пакідаюць спробаў незаконна трапіць у Польшчу
На польска-беларускай мяжы /twitter.com/Straz_Graniczna
За мінулыя суткі польскія памежнікі зафіксавалі 267 спробаў парушэння мяжы. Замежнікі спрабавалі трапіць у Польшчу з тэрыторыі Беларусі.
У шэрагу выпадкаў гаворка ідзе пра групы. У польскай Памежнай службе кажуць, што такія "групы агрэсіўных замежнікаў" спрабавалі фарсіраваць мяжу ў раёне вёсак Дубічэ-Царкеўнэ і Мельнік.
Памежнікі выпісалі 44 пастановы з патрабаваннем пакінуць тэрыторыю Польшчы.
Беларускія ўлады са свайго боку настойваюць, што мігранты агрэсіі не праяўлялі. Следчы камітэт РБ у сераду расказаў пра інцыдэнт на мяжы ў Камянецкім раёне. Паводле беларускай версіі, ноччу 23 лістапада людзі падышлі да загароды, "прасілі прытулку ў Польшчы, ніякай агрэсіі не праяўлялі. У адказ на гэта польскія сілавікі ўжылі ў дачыненні да бяззбройных мігрантаў слезацечны газ, выбуховыя пакеты, якія закідвалі на тэрыторыю Беларусі". Па медыцынскую дапамогу мігранты не звярталіся, але Камянецкі РАСК пачаў праверку.