Мігрант, якога тройчы вярталі ў Беларусь, судзіўся з польскімі памежнікамі

Затрыманы мігрант

Затрыманы мігрант / Strazgraniczna.pl

У суд на памежную службы Польшчы падаў грамадзянін Сірыі. Мужчына некалькі разоў нелегальна пераходзіў беларуска-польскую мяжу, але кожны раз яго лавілі і вярталі ў Беларусь, піша MOST.

Незвычайную справу разглядаў ваяводскі суд Беластока. Сам сірыец у судзе не прысутнічаў, і дзе ён знаходзіцца — невядома. Яго інтарэсы абараняла прадстаўніца.

Мігрант паведаміў, што ў траўні 2024 года ён разам з іншымі людзьмі незаконна перасёк беларуска-польскую мяжу. Для яго гэта была ўжо трэцяя спроба пасля дзвюх няўдалых. Група мігрантаў паспела адысці ад мяжы менш як кіламетр, калі іх заўважыў дрон памежнікаў.

Паводле сірыйца, мігрантаў збілі, а аднаго з іх па камандзе пакусаў сабака памежнікаў. Таксама ён заявіў, што памежнікі ўжылі супраць іх пярцовыя балончыкі, а абутак парэзалі нажамі. Прыняць заявы аб міжнароднай абароне памежнікі адмовіліся. Яны кайданкамі сашчапілі парушальнікаў мяжы ў пары і правялі каля кіламетра да службовых дзвярэй у памежным плоце. Так усю групу вярнулі ў Беларусь.

Суд адмовіў заяўніку. У сваім рашэнні суддзі спаслаліся на тое, што заяўнік не падаў доказаў свайго перабывання ў Польшчы і прымусовага вяртання ў Беларусь — напрыклад, даведак з лякарні, перапісак з іншымі мігрантамі.

Дарэчы, раней суды задавальнялі скаргі мігрантаў, калі тыя маглі даказаць факты прымусовага вяртання праз мяжу. На пачатку 2024 года суд стаў на бок сірыйца, які пералез праз плот на мяжы па лесвіцы, а потым быў выштурханы назад у Беларусь. Прадстаўнік заяўніка тады перадаў суду скрыншоты перапісак з суайчыннікамі, якія мігрант вёў з мяжы, а таксама запісы інтэрнэт-мапаў з каардынатамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.