Матуля забітай дзяўчыны супраць адмены смяротнага прысуду ў Гомелі

"Ён забойца, бо да гэтага часу не ўсвядоміў, што ён стварыў, не раскаяўся! Нават на судзе заяўляў, што гэта не жорсткае забойства — 102 нажавых раненні. Для яго гэтыя 102 нажавых як выйшаў пагуляць. Я лічу, што прысуд аб смяротным пакаранні трэба было пакінуць у сіле — каб больш ад яго ніхто не пацярпеў, і каб такім, як ён, непанадна было ", — цытуе Ірыну Емяльянчыкаву інфармагенцтва БелаПАН.

Яна дадала, што маці абвінавачанага тэлефанавала ёй і абражала яе па тэлефоне. "Тэлефанавала мне і крычала ў трубку: "Забойцы, фашысты!" Гэта замест таго, каб хаця б прабачэння папрасіць за свайго сына. Я сказала пра гэта ўчастковаму — пакуль званкі спыніліся", — патлумачыла маці забітай дзяўчыны.

Пасля кансультацый з юрыстам Ірына Емяльянчыкава мае намер дамагацца таго, каб прысуд застаўся без зменаў.

Даведка Еўрарадыё:
 
Аляксандр Груноў быў ​​прысуджаны да расстрэлу на падставе п.6 ч.2 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. 25-гадовы хлопец здзейсніў забойства сваёй знаёмай студэнткі Наталлі Емельянчыкавай. На судзе ён патлумачыў, што за некаторы час да сустрэчы яна абразіла яго ў кампаніі знаёмых людзей і не папрасіла прабачэння. Гэта і стала прычынай агрэсіі. У выніку ён нанёс ахвяры 102 нажавыя раненні.

На фота: Аляксандр Груноў у зале суда.

Фота: gp.by.