Матрацы, якія зляцелі з машыны, выклікалі аўтааварыю ў Мінску (фота)

Аўтааварыя з кур'ёзным адценнем адбылася ў нядзелю ў Мінску. Па праспекце Пушкіна рухаўся аўтамабіль, на даху якога былі прымацаваныя два матрацы. Як высветлілася, мацаванне было не вельмі надзейным — нечаканы парыў ветру сарваў іх з даху аўтамабіля. Гаспадары матрацаў нават не адразу заўважылі сваю страту — затармазілі толькі праз метраў 200.

Як піша onliner.by са словаў відавочцаў, следам за гэтым аўто ехаў "Фольксваген". Яго кіроўца рэзка затармазіў, каб не ўехаць у матрацы. "Мазда", якая ехала за ім, верагодна, не трымала належную дыстанцыю і ўрэзалася ў "Фотльксваген".

Па словах відавочцаў, пацярпелых у аварыі не было. Але "Фольксваген" і "Мазда" стукнуліся так моцна, што доўга не маглі расчапіцца. Выглядала на тое, што сваім ходам "Мазда" з'ехаць не зможа.

Фота: onliner.by