Масавая праверка тэлефонаў адбываецца ў віцебскіх студэнтаў і школьнікаў

Мабільны тэлефон, ілюстрацыйнае фота

Мабільны тэлефон, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

У студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта куратары масава правяраюць падпіскі ў мабільных тэлефонах. Па выніках праверак яны складаюць справаздачы: колькі тэлефонаў адглядзелі, колькі — не, хто не даў тэлефон для агляду.

Як перадае Беларуская служба Польскага радыё, гэтыя праверкі не ініцыятыва адміністрацыі Віцебскага дзяржуніверсітэта. Аналагічныя паведамленні аб праверках паступаюць з Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта і тэхналагічнага каледжа. Вучні некалькіх гарадскіх школ таксама расказваюць, што настаўнікі і адміністрацыя патрабуюць паказаць змесціва тэлефонаў.

Дарэчы, праверка тэлефонаў з боку адміністрацыі навучальных устаноў як мінімум парушае правы чалавека і таямніцу асабістай перапіскі. Можна тут угледзець і прыкметы крымінальных злачынстваў: незаконнае збіранне ці распаўсюд звестак пра прыватнае жыццё; парушэнне таямніцы перапіскі, тэлефонных перамоў, паштовых, тэлеграфных або іншых паведамленняў; незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі пра прыватнае жыццё і персанальныя даныя.   

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.